НАЦЫЯНАЛЬНЫ МАСТАЦКІ МУЗЕЙ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ: АЛЯКСАНДР ФІНСКІ. 21.01-05.03.2023

 

Выстава скульптуры і графікі Аляксандра Фінскага прымеркавана да 70-годдзя з дня нараджэння аўтара.

Аляксандр Фінскі нарадзіўся 2 студзеня 1953 года ў в. Вясёлы Гай Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. У 1971 годзе скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве (цяпер – Гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка), а ў 1977 абараніў дыплом у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) па спецыяльнасці “скульптура”. Вучыўся ў выдатных прафесараў А. Бембеля, А. Анікейчыка, А. Арцімовіча. З 1975 года вядзе актыўную выставачную дзейнасць. З’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў з 1984 года.

Некалькі дзесяцігоддзяў Аляксандр Фінскі паспяхова працуе не толькі як скульптар, але і як педагог. Ён выкладаў у ДУА “Гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка” (1977–1991). З 1991 года выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і зараз з’яўляецца прафесарам кафедры скульптуры.

Аляксандру Фінскаму прысуджана першая прэмія Беларускага саюза архітэктараў у галіне манументальнага мастацтва (2001), спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за “Духоўнае адраджэнне” і ўклад у развіццё міжнародных культурных сувязей (2002), Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (2011), а таксама дыплом рэспубліканскага конкурсу “Чалавек Года культуры” (2017). Ён узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2014), ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2019) і Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта (2015), залатым медалём і дыпломам «Vermeil» ART-SCIENSE-LETTRES (2016, Парыж), ганаровым знакам Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры (2020). У 2022 годзе А. Фінскі ўдастоены ганаровага звання “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь”.

Беларускі скульптар Аляксандр Фінскі вядомы сваімі працамі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Створаныя майстрам кампазіцыі нельга аднесці да якой-небудзь пэўнай тэматыкі, у іх наглядна прасочваецца сувязь з рознымі відамі мастацтва, гістарычнымі перыядамі і сацыяльнымі з’явамі. У сваіх творах ён адлюстроўвае дух канкрэтнай эпохі, канкрэтнай асобы мінулага, і ў той жа час пластыка яго сучасная.

Мемарыял “Яма. Мінскае гета” ў Мінску (архітэктар, аўтар ідэі і кіраўнік праекта Л. Левін, архітэктары Я. Дзятлаў, А. Капылоў, скульптары А. Фінскі, Э. Полак, 2000) – адзін з самых яркіх манументальных твораў у гісторыі беларускай скульптуры. Сярод іншых манументальных твораў А. Фінскага – знак “Нулявы кіламетр” на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску (архітэктар А. Сардараў, 1998), помнік вызваліцелям Рагачова (архітэктар Г. Фёдараў, Гомельская вобласць, 2004), скульптурныя кампазіцыі для фасада адноўленага будынкаДзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь (у сааўтарстве, скульптары М. Шкробат, Г. Буралкін, 2006–2009), скульптурная кампазіцыя “Вячэрні блюз” у Алімпійскім парку ў Пекіне (2002, Кітай), знак “Сімвал горада” ў Маладзечне (архітэктар А. Сардараў, 2011), мемарыяльны комплекс у пасёлку Чырвоны Бераг, прысвечаны дзецям-ахвярам Вялікай Айчыннай вайны (архітэктары: Л. Левін, Г. Левіна, А. Капылоў, Я. Дзятлаў). Мемарыяльныя дошкі народным артыстам БССР У. Алоўнікаву, С. Данілюк, народнаму мастаку БССР А. Анікейчыку (усе ў Мінску), музыканту, кампазітару, педагогу Г. Веняўскаму (Масква).

Станковыя творы Аляксандра Фінскага схільныя да абагульненых форм, яны нясуць лірычныя інтанацыі. Суцэльнасць, мяккасць пластыкі іх скульптурных форм, выразнасць, шчырасць уласцівая гэтым працам. Усе творы гавораць з гледачом простай, зразумелай яму мовай людскіх пачуццяў і эмоцый.

Работы Аляксандра Фінскага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у фондах Беларускага саюза мастакоў, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Траццякоўскай галерэі ў Маскве і прыватных калекцыях Германіі, Францыі і Аўстрыі.

 

ПАЛАЦ МАСТАЦТВА: ВОСЕНЬСКІ САЛОН-2023. 07.09-08-10.2023

З 7 верасня па 8 кастрычніка 2023 года ў Мінску, у Палацы мастацтва на вуліцы Казлова, 3, пройдзе адна з самых чаканых арт-падзей года — Восеньскі Салон з Белгазпрамбанкам. З 2015 года гэты праект нязменна радуе аматараў мастацтва і дае магчымасць маладым мастакам Беларусі данесці сваю творчасць да шырокай публікі. Восеньскі Салон з Белгазпрамбанкам —

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

Віншуем з 65-годдзем Уладзіміра Масленікава!

Віншуем з 65-годдзем вядомага мастака-жывапісца Уладзіміра Паўлавіча Масленікава, сябру Беларускага саюза мастакоў, секцыі жывапіс, загадчыка кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Прозвішча Масленікавых шырока вядомае ў колах беларускіх мастакоў і ў асяроддзі аматараў жывапісу. Імпульс гэтаму даў яе пачынальнік, народны мастак Беларусі Павел Васільевич Масленікаў, чыя творчасць істотна паўплывала на развіццё пейзажа ў беларускім мастацтве.

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

НАЦЫЯНАЛЬНЫ МАСТАЦКІ МУЗЕЙ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ: ІВАН АХРЭМЧЫК. 22.12-21.01.2023

ВЫСТАВА «ІВАН АХРЭМЧЫК.МАЙСТАР. ЛЮДЗІ. ЭПОХА» 22 снежня 2023 г. а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай творчасці народнага мастака БССР Івана Восіпавіча Ахрэмчыка (1903–1971). Выставачны праект «Іван Ахрэмчык. Майстар. Людзі. Эпоха» знаёміць з творчай спадчынай мастака. На выставе прадстаўлены работы з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, матэрыялы

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »

НАЦЫЯНАЛЬНЫ МАСТАЦКІ МУЗЕЙ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ: МІКАЛАЙ ТАРАНДА. 03.08-17.09.2023

3 жніўня а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы твораў Мікалая Таранда “Колер жніўня”. Мастацкая спадчына Мікалая Таранда вялікая і разнастайная – сотні жывапісных, графічных твораў, выкананых у розных жанрах і тэхніках, якія ўпрыгожваюць музейныя і прыватныя зборы. За 50-гадовую творчую дзейнасць мастак прыняў удзел у больш як 40 рэспубліканскіх

БОЛЬШ ПАДРАБЯЗНА »